Навіны Міністэрства
23.07.2010
Неабходнасць закупляць ядзернае паліва для АЭС не паўплывае на энергабяспеку Беларусі - Мінэнерга

23 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Неабходнасць закупляць ядзернае паліва для АЭС не паўплывае на энергабяспеку Беларусі. Такое меркаванне выказаў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк 22 ліпеня ў Мінску на сустрэчы з журналістамі з краін Еўрасаюза, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

 Намеснік міністра адзначыў, што довады аб тым, што Беларусь з будаўніцтвам АЭС набудзе залежнасць ад імпартуемага ядзернага паліва з'яўляюцца спрэчнымі. Так, ядзерны рэактар загружаецца як мінімум на год, таму магчымыя цяжкасці ў перагаворным працэсе з пастаўшчыкамі на працягу года, могуць быць урэгуляваны. Акрамя таго, паводле слоў Міхаіла Міхадзюка, ядзернага паліва можна закупіць на 5-10 гадоў, паколькі "яно не псуецца і, у адрозненне ад вугалю і газу, не патрабуе вялікіх сховішчаў".

Міхаіл Міхадзюк таксама расказаў, што паліва для АЭС плануецца закупляць у Расіі, аднак паліўныя тэхналогіі цяпер развіваюцца настолькі хуткімі тэмпамі, што ў перспектыве не выключана магчымасць з'яўлення на рынку новых пастаўшчыкоў.

 Прэс-тур журналістаў з краін ЕС у Беларусь прадоўжыцца па 24 ліпеня. 13 журналістаў прадстаўляюць сродкі масавай інфармацыі з Аўстрыі, Чэхіі, Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Грэцыі, Венгрыі, Італіі, Латвіі, Польшчы, Партугаліі, Румыніі і Вялікабрытаніі. "Мэта візіту - лепш азнаёміць грамадзян дзяржаў - членаў ЕС з канкрэтнымі праектамі, якія ЕС ажыццяўляе ў Беларусі ў рамках Еўрапейскай палітыкі суседства", - адзначаюць арганізатары візіту.-0-