22 ліпеня, Мінск /Ірына Аніскевіч - БЕЛТА/. Беларуска-расійскі праект пагаднення аб будаўніцтве АЭС праходзіць унутрыдзяржаўныя працэдуры. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк сёння ў Мінску на сустрэчы з журналістамі з краін Еўрасаюза, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Намеснік міністра адзначыў, што будаўніцтва АЭС - вельмі дарагі праект, прычым не толькі для нашай краіны, але і для такіх вялікіх дзяржаў, як Індыя і Кітай, якія таксама рэалізуюць такія праекты. Сусветная практыка паказвае, што, як правіла, будаўніцтва АЭС ажыццяўляецца пераважна за кошт прыватных інвестараў і часткова - дзяржаўных крэдытаў. "Мы таксама плануем акрамя бюджэтных сродкаў задзейнічаць і недзяржаўныя інвестыцыі", - сказаў Міхаіл Міхадзюк. Краіну-інвестара ён не назваў, адзначыўшы, што гэта можна будзе зрабіць толькі пасля падпісання дагавора. Цяпер Беларусь укладвае ў праект толькі ўласныя сродкі.
Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі ўжо завяршыла дзяржаўную экалагічную экспертызу справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНС) будучай АЭС, атрымана станоўчае заключэнне тэхніка-эканамічнага абгрунтавання гэтага праекта.
Рашэнне аб будаўніцтве ў Беларусі атамнай электрастанцыі абумоўлена ў першую чаргу неабходнасцю дыверсіфікацыі паставак энерганосьбітаў у краіну. Паводле папярэдніх разлікаў, АЭС дасць магчымасць замясціць каля 5 млрд. куб.м прыроднага газу ў паліўным балансе краіны. "Калі не ўзнікне форс-мажорных абставін, першы блок АЭС будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў 2016 годзе", - нагадаў Міхаіл Міхадзюк.
У Беларусі плануецца пабудаваць АЭС магутнасцю каля 2,4 тыс. МВт. Мяркуецца, што яна будзе пабудавана на Астравецкай пляцоўцы ў Гродзенскай вобласці. Увод першага энергаблока чакаецца ў 2016 годзе, другога - у 2018 годзе. Станцыя будзе будавацца па праекту санкт-пецярбургскага інстытута "Атамэнергапраект". Генпадрадчыкам выступіць расійскае ЗАТ "Атамбудэкспарт" - дзяржаўная інжынірынгавая кампанія, падкантрольная "Расатаму", якая рэалізуе міжурадавыя пагадненні аб будаўніцтве аб'ектаў ядзернай энергетыкі за мяжой.
Прэс-тур журналістаў з краін ЕС у Беларусь прадоўжыцца па 24 ліпеня. 13 журналістаў прадстаўляюць сродкі масавай інфармацыі з Аўстрыі, Чэхіі, Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Грэцыі, Венгрыі, Італіі, Латвіі, Польшчы, Партугаліі, Румыніі і Вялікабрытаніі. "Мэта візіту - лепш азнаёміць грамадзян дзяржаў - членаў ЕС з канкрэтнымі праектамі, якія ЕС ажыццяўляе ў Беларусі ў рамках Еўрапейскай палітыкі суседства (ЕПС)", - адзначаюць арганізатары візіту.-0-











